МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​К.​Агінскага,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Засн. ў 1958. Размешчана ў будынку, у якім жыў Міхал Клеафас Агінскі (у 1993 вучылішчу прысвоена яго імя). Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых муз. школ. У 1999/2000 навуч. г. працуюць аддзяленні: фп.; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; нар. струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; хар. дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкар.-прыкладнога мастацтва (з 1995). Пры вучылішчы працуе дзіцячая муз школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, нар. аркестры рус. нар. і духавых інструментаў (у 1975—96 дзейнічаў таксама нар. камерны аркестр нар. інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэт. аддзялення; вак. ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі. У розны час у вучылішчы выкладалі: Л.​Гуцін, Я.​Дзягцярык, В.​Іваноў, М.​Казінец, В.​Карэтнікаў, Т.​Мдывані, Л.​Свердэль, Ф.​Севасцьянаў, І.​Хадоска, Г.​Цэпава; яго ўзначальвалі Р.​Грышаеў, І.​Сушкевіч, Л.​Школьнікаў, А.​Шунтаў, Ю.​Шпадарук, Э.​Кірыленка, Р.Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю.Антонаў, А.Елісеенкаў, Л.Колас, Л.Нікольскі, Т.Раеўская, А.Ціхановіч і інш. На будынку вучылішча ўстаноўлена мемар. дошка Агінскаму (скульпт. В.​Янушкевіч).

Літ.:

Маладзечанскае музычнае вучылішча. Маладзечна, 1996.

Л.​В.​Ляшчэвіч.

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.​К.​Агінскага.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)